?

Log in

No account? Create an account

Хмарка-Дурніца

Тук-тук.
Прывiтанне.
Хочаш, я раскажу табе казку?

Аднойчы пасля вясны пачалося лета. У iм было тры месяцы, трынаццаць тыдняў i дзевяноста два днi, i сярод гэтых дзён быў адзiн-адзiны, калi паветра пахла вясёлкай, шакаладным марозiвам i прадчуваннем сунiц. Гэта быў самы незвычайны з усiх незвычайных дзён. У аркушы паперы, якi ляцеў па смеццеправодзе з шостага паверху дому нумар восем па Лясной вулiцы, было пазначана, што чатырыста шаснаццаць год таму ў Нясвiжскай друкарнi быў выдадзены «Катэхiзiс», трыццаць пяць год таму запатэнтавалi шарыкавую асадку, а дваццаць два гады таму адкрылi Заслаўскае вадасховiшча. У гэты самы дзень дзядзька Хведар з вёскi Малыя Жаберычы злавiў у мясцовай сажалцы надзiва вялiкага шчупака, кiрпатая i рудая студэнтка-першакурснiца iнстытуту замежных моў здала на выдатна нямецкую фанетыку, а сумны слонiк з узбярэжжа Нiлу навучыўся пляскаць вушамi. У гэты самы дзень нарадзiлася зусiм яшчэ маленькая дзяўчынка з арэхавым позiркам. Праз колькi часу яна даведалася, што ў яе таксама ёсць iмя - Вольга. Вiльготная вольнасць, воля, льга волiць, валiць i вальчыць, вольха, волкасць, даволi, адвольна…

- Адчуваеш сябе wohl, га?
- Як заўсёды.

Дзяўчынка паступова расла, гуляла ў лялькi i з хлопцамi па местачковых вулiцах, заўсёды была выдатнiцай, скончыла школу з залатым медалём i ўнiверсітэт з чырвоным дыпломам, любiла мноства розных рэчаў (арэлi, арэхi, бадзянне па вулiцах, барадатых мужыкоў, вецер, восень, джынсы, дождж, захад сонца, зоркi, каву, катоў, кветкi, лiставанне, мора, неба, пацалункi, пiва, сыр, цемру, цягнiкi, чорна-белае кiно, яблыкi), выйшла замуж, назвала дачку Веранiкай.

Калi б мяне, як яе, звалi Вольгай, я б таксама была прыгожай, разумнай i шчаслiвай. Але мяне завуць iншым iмем.

Пазнаёмімся? ;)

Ліст з вішнямі :)

Ніколі гэтага не рабіла, але можна ж калі-небудзь і пачаць, праўда? А “свой” год – выдатная нагода для.
Так, я вырашыла скласці спіс прыемных для мяне падарункаў. А то раптам вы такі хочаце зрабіць мяне шчаслівай, але не ведаеце, як :))
Парадак пераліку зусім не адпавядае ступені важнасці для мяне. Проста як надумвалася, так і пісалася.

Хмаркарадасці :)Collapse )

Фууух... Я думала, менш атрымаецца :) Але калі раптам яшчэ чаго забылася (або перадумала. або падарылі), буду час ад часу тут з'яўляцца з праўкамі.

ЗЫ. Дарагі Сусвет! Яшчэ некалькі пунктаў, не ўнесеных у спіс, ты ведаеш ;)

ЗЫ-2. А ўвогуле я вельмі, не - ВЕЛЬМІ - люблю сюрпрызы :) Ніколі не была тым чалавекам, які размяркоўвае падарункі і адсочвае, каб яны абавязкова адпавядалі пункту ў спісе. Таму, калі па шчырасці, зрабіць мяне шчаслівай элементарна проста ))

...

Час, калі дрэвы губляюць сваіх дзяцей.
Калі не ведаеш, дзе,
не разумееш, куды, –
і, не замыкаючы кола, ты проста ідзеш,
падбіраючы лісце, каштаны і жалуды,
гладзіш рыскі і выгіны,
чуеш, як праз туман
вецер на апусцелым вецці акорд бярэ…
Восень – гэта пра страты.
Знаходзіш чарговы каштан
і сябе.
І вяртаеш надзею ў час сумных дрэў.

.

Можна больш не старацца
быць яснай, прасцейшай і лепшай,
уздымацца на дыбачкі,
прагнучы каб ацанілі,
па начох ратавацца
радкамі з экрану і вершамі,
боль хаваць за пахам ванілі.

Можна выбегчы з кола,
зламацца і прагнуць упасці,
стаць на краі,
лічыць да сканчэння хвіліны і крокі…

І расслухаць,
як крылаў трымценне пульсуе ў запясцях.
І ў бяздонні
разгледзець адбітак
Птушынай Дарогі.

***

Пахне карыцай,
слівамі
і расстаннем.
Ты расстаўляеш па месцах
рэчы і думкі.
Верасень верне сілы,
паверне кола –
сёння дарослай станеш,
а заўтра мудрай.
Пальцы сплятаюць мудры
пасля размовы
з тым, што пад скурай.
Светла-самотны танец,
і дзеясловы
ў вечна нязбытным часе.
Восенню можна
вершы пісаць і казкі,
верыць у слоў
нядзейснасць і невыказнасць
і недарэчна думаць
пра сіні месяц.
Бачыць сябе
шчаслівым
умоўным ладам,
ловячы пах кастрычніка
і сустрэчы.

Безназоўнае

Не ведаю, вяртаюся я ў ЖЖ ці не, але фэйсбуку на гэты допіс мне не хапіла. Хай застанецца тут, у самым цёплым для мяне інтэрнэт-месцы.

Гэта хата ў Новых Габах, у якой амаль цалкам прайшлі першыя гады майго жыцця, з якой потым звязана вельмі многае, і ў якую я трапіла сёлета пасля даўжэзнага перапынку...





...Collapse )

***

Люты сышоў.
Пакінуў канчатак
“ты”,
на рыпучай паперы
і скуры –
вятроў сляды
і нешта ўнутры,
што дзярэ
да спазму ў гартані.
Словы ўмерзлі ў ільды.
У глыбі маёй вады –
рыба б’ецца
аб рэбры
ў нераце нематы.
Дрэў галіны
нібы
ў іншы сусвет масты,
пад якімі
замерла
і не сплывае
каханне.

+++

Нешта з галавой маёй усё-ткі да…
Штось там у мазгах маіх працуе не.
Стаўшы раптам Эліс – я па гарадах.
І ніякіх Юрыяў – каб да мяне.

Блытаючы ўпэўнена мышэй і мух,
Слухаючы ціканне ўнутры сябе,
Так хацела б многае сказаць.. каму?
П’ю ваду з пігулкамі на ка і пэ.

Днямі ў краме бачыла, як аднарог
Набываў з таварышам настрой і сэнс.
Пальцы – мандарынамі, а ем тварог.
І, вядома ж, рыфмаю хай будзе сэкс.

Вось такога трызнення ўва мне – гара.
Можна б нават кніжкаю або ў эфір.
Хмары па-над дахамі. Усім дабра.
Я пастаўлю чайнік і вазьму зефір.

Цэтлікі:

**Г

Недалёка ад м
(мажлівага, мрояў, мора),
дзе завершацца год і трэш
нулявым канчаткам,
выразаеш з душы
празрыстыя словаўзоры –
упрыгожыць вакенца
побач з маўклівым чатам.

А глыбока ўнутры
ілюзіі б’юцца
рыбай,
між аскепкаў і сноў
паветра хапаюць ротам.

Снег малюе
прагноз на заўтра
на чорных згібах
неасветленых вуліц.

Будзе.
Калісьці.
Потым.

*...

Так,
кожны ў сьвеце мае свае патрэбы.
Птушкам хочацца хлеба,
хлопчыку – сьнега з неба,
а паднябеньню – шакалада і чаю.
Нехта прагне хуткага выйсьця з адчаю,
а нехта – Прагі
ці выйсьці туды, дзе паветра.

Помніш,
хацелася, каб не загінуў Вертэр,
каб не забівалі Катані,
ну ці –
зусім маленькай –
каб ня плакала Таня?..

Вось зараз –
што патрэбна табе?

Гарады на Б,
з аднаго ў цябе ёсць каменьчык,
з другога каштаны,
трэці –
у памяці, марах і (хочацца верыць) планах.
Трэба адсутнасьць болю,
жыцьцёвыя алкаголі,
воля, марскія хвалі,
ногі, пад імі дарогі, можна педалі,
рукі, што гладзяць плечы.
Раніца, дзень і вечар,
калі ў табе столькі шчасьця,
што анідзе ня ўмесьціш…

І –
аніякіх вершаў болей,
ніякіх вершаў.

***

У табе вырастае нешта -
вастрэй за нож
і рэжа знутры.
То чырвоным, то сінім
пульсуе ў грудзях
Бінош,
не дае дыхаць
фон Трыер.
У тумане ня бачна дахаў і дрэў,
мяжы
паміж існым і пустатой.
Вецер кліча з сабой.
Ты ценем за ім бяжыш
па дарозе
ня той.
Парушаеш правілы.
Птушкі на ўсіх палях
паабапал тваіх шляхоў.
І жыццё – гэта кропка “тут”.
І яна пасля
застанецца штрыхом.
А цяпер лістапад.
Падаюць ліст і ціск,
ты – трымаешся і стаіш.
Там, дзе песня твая
запісваецца на дыск, –
немата і ціш.

...

Птушкамі біліся паміж рэбраў вершы…
Верыш?
Птушкам, злоўленым чулай душой, было душна.
Чуеш?
Хацелася волі і ветру жаўруку ці сініцы,
каб сніцца
потым таму, хто знойдзе, возьме іх у руку,
у кім адгукнецца.
Птушкамі біліся вершы
недзе ля сэрца.

Яны не паспелі выпрастаць крылы
і паляцець з агруддзя.
Ім сустрэліся людзі,
а потым –
кулі.
І больш – ніколі.
І замест неба – глеба.

Толькі пакуль ты ходзіш, чуеш і верыш –
яны жывыя,
прылятаюць з раю ці выраю
журавамі з паперы.
… Паўза, слова, уздых –
б’юцца між рэбраў.
Тваіх.

*γ*

“Усё будзе до…” – брахалі табе багі.
А сонца лізала рэчку і берагі
і аберагала промнямі рэха слоў.
Фалангамі пальцаў мераючы цяпло
і соль ліючы на мёртвыя гарады
вачэй, ты ідзеш. Зямля есць твае сляды
і хоча глынуць знясіленую цябе.
Але ты гандола, човен і карабель –
скрозь сінюю бездань. Б’ецца бяссонне ў скронь,
ледзь памятны дотык рэжа лязом далонь.
Ты сольнае танга, лінія, монаверш.
Стаміўшыся быць фантазіяй, ажывеш
у томе чужым радкамі і цішынёй.
Трохкутнікі дрэў сагрэе сівы анёл,
і раптам паверыш, што і напраўду – до…
І станеш спакоем, воблакам і вадой.

***

У гэтай гісторыі –
прымітыўнай і простай –
дзяўчынка робіцца
моцнай, злой і дарослай
(некаторыя траўмы дапамагаюць
у вострым
стане,
калі ты ня можаш знайсьці
свой востраў,
дом, чалавека, сьвет,
чараду ці зграю).

Дарога нібыта сама цябе выбірае
і абяцае прывесьці
да брамы раю.
Ты па ёй крочыш –
і падыходзіш
да края.

Прэч паляцець
трэба яшчэ вучыцца.
У логаве сэрца –
раненая ваўчыца.
Чым ад халоднага ветру
схаваць ключыцы?..
Піць малако тугі,
выдыхаць,
лячыцца.

А потым глядзецца
ў Вэндэрса і Кар Вая,
сінія блюзы слухаць і гук трамваяў,
бачыць,
як горад бяззорнае надзявае…
І адчуваць –
жывая.

*** адчуваньне дажджу

Адчуваньне дажджу...
Толькі зноў –
не дасыпалі сну.
І каторы ўжо раз –
да сьвятла паляваць на авечак.
Камень з мура
ці з мора
кладзецца ля сэрца ў сьцяну.
І пустэча пакоя
агорне
спакоем пустэчы.

А авечкі –
як хмары,
як хвалі,
бясконцы працяг…
Ты спыняеш падлік,
адключаючы мёртвую зону.
І прыходзіць ня сон –
адчуваньне сябе
і
жыцьця,
ад якога
так вольна і радасна
пахне азонам.

...

Разумееш, ня верыць – гэта вельмi херова.

Вось, напрыклад,
выходжу за дзьверы, сядаю на ровар
i еду.
Колькi iмгненьняў – бяз рук цi заплюшчыўшы вочы.
Дарога сама нясе мяне, куды хоча.
Я ёй аддаюся цалкам, быццам каханку,
потым шчасьлiва i стомлена пад'язджаю да ганку,
любячы гэты дурацкi ранак усёй сабою.
Нi смутку няма, нi болю.

А ты паўтараеш: «Як маесься?» i «Трымайся»…
Жыцьцё тады нiбыта палоскi на майцы:
то цёмнае ўсё, то сiнь.

Глядзi, я нiчога ня бачу i не намацваю руль.
I я табе гавару:
Ты – дарога.
Трымай.
Нясi.

---

Што тыя сьлёзы?
Вада.
I вуду
ў iх не закiнеш,
ня выцягнеш рыб.
Цьвердзiш сама сабе:
ёсьць i буду…
Рыбы ня вераць,
ныраюць углыб,
лыпаюць недзе ўнутры вачыма,
мераюць ровень тваёй тугi
i уцiскаюцца
туга, шчыльна
ў шчылiны мiж камянёў глухiх –
словаў,
ня злоўленых лёскай лёсу,
рухаў,
увязлых у клейкi глей…
Рыбiн рабы i стракаты россып
сыпле стаката бязгучных «але»,
што на паверхнi вады
кругамi,
у iх i канец i пачатак –
адно.

Выпусцiць вершаў сваiх
арыгамi
i апусьцiцца да рыб.
На дно.

***

Плечы агорне пледам
пачатак лета.
Сэрца валошка -
гораду для вянка.
Ціхай вадой
застыну сярод сусьвету.
Берагам,
абярэгам -
твая рука.

Ветру павевы
ловячы кожнай часткай,
быць як бясконцасьць
і глыбіня,
або -
возера
ва ўтравелым
трывалым шчасьці,
і адлюстроўваць неба
усёй сабой.

***

Кожнаму несьці з сабой сваё:
неба
ці, можа, крыж.

Звонкімі сьпевамі салаўёў
поўнячы сэрца ціш,
рэзаць іржавым лязом тугі
словаў і думак вір,
вольхай ўкарэньвацца ў берагі,
блытацца ў мы, ты, вы...

Вымыта, выпалена ўначы,
выхаджана па дне.
Нешта глыбока ўнутры маўчыць
(крыкам было раней).

Цёплай далоньню кранаць кару,
кáру сваю прымаць.

Жыць - гэта проста ісьці ўгару.
І неба, і крыж трымаць.

Зваротны адрас

параСон
volka_z_bolkava
Хмарка-Дурніца

За апошні месяц

October 2018
S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031   

Цэтлікі

Syndicate

RSS Atom
Powered by LiveJournal.com