?

Log in

No account? Create an account

Хмарка-Дурніца

Тук-тук.
Прывiтанне.
Хочаш, я раскажу табе казку?

Аднойчы пасля вясны пачалося лета. У iм было тры месяцы, трынаццаць тыдняў i дзевяноста два днi, i сярод гэтых дзён быў адзiн-адзiны, калi паветра пахла вясёлкай, шакаладным марозiвам i прадчуваннем сунiц. Гэта быў самы незвычайны з усiх незвычайных дзён. У аркушы паперы, якi ляцеў па смеццеправодзе з шостага паверху дому нумар восем па Лясной вулiцы, было пазначана, што чатырыста шаснаццаць год таму ў Нясвiжскай друкарнi быў выдадзены «Катэхiзiс», трыццаць пяць год таму запатэнтавалi шарыкавую асадку, а дваццаць два гады таму адкрылi Заслаўскае вадасховiшча. У гэты самы дзень дзядзька Хведар з вёскi Малыя Жаберычы злавiў у мясцовай сажалцы надзiва вялiкага шчупака, кiрпатая i рудая студэнтка-першакурснiца iнстытуту замежных моў здала на выдатна нямецкую фанетыку, а сумны слонiк з узбярэжжа Нiлу навучыўся пляскаць вушамi. У гэты самы дзень нарадзiлася зусiм яшчэ маленькая дзяўчынка з арэхавым позiркам. Праз колькi часу яна даведалася, што ў яе таксама ёсць iмя - Вольга. Вiльготная вольнасць, воля, льга волiць, валiць i вальчыць, вольха, волкасць, даволi, адвольна…

- Адчуваеш сябе wohl, га?
- Як заўсёды.

Дзяўчынка паступова расла, гуляла ў лялькi i з хлопцамi па местачковых вулiцах, заўсёды была выдатнiцай, скончыла школу з залатым медалём i ўнiверсітэт з чырвоным дыпломам, любiла мноства розных рэчаў (арэлi, арэхi, бадзянне па вулiцах, барадатых мужыкоў, вецер, восень, джынсы, дождж, захад сонца, зоркi, каву, катоў, кветкi, лiставанне, мора, неба, пацалункi, пiва, сыр, цемру, цягнiкi, чорна-белае кiно, яблыкi), выйшла замуж, назвала дачку Веранiкай.

Калi б мяне, як яе, звалi Вольгай, я б таксама была прыгожай, разумнай i шчаслiвай. Але мяне завуць iншым iмем.

Пазнаёмімся? ;)

Ліст з вішнямі :)

Ніколі гэтага не рабіла, але можна ж калі-небудзь і пачаць, праўда? А “свой” год – выдатная нагода для.
Так, я вырашыла скласці спіс прыемных для мяне падарункаў. А то раптам вы такі хочаце зрабіць мяне шчаслівай, але не ведаеце, як :))
Парадак пераліку зусім не адпавядае ступені важнасці для мяне. Проста як надумвалася, так і пісалася.

Хмаркарадасці :)Collapse )

Фууух... Я думала, менш атрымаецца :) Але калі раптам яшчэ чаго забылася (або перадумала. або падарылі), буду час ад часу тут з'яўляцца з праўкамі.

ЗЫ. Дарагі Сусвет! Яшчэ некалькі пунктаў, не ўнесеных у спіс, ты ведаеш ;)

ЗЫ-2. А ўвогуле я вельмі, не - ВЕЛЬМІ - люблю сюрпрызы :) Ніколі не была тым чалавекам, які размяркоўвае падарункі і адсочвае, каб яны абавязкова адпавядалі пункту ў спісе. Таму, калі па шчырасці, зрабіць мяне шчаслівай элементарна проста ))

**Г

Недалёка ад м
(мажлівага, мрояў, мора),
дзе завершацца год і трэш
нулявым канчаткам,
выразаеш з душы
празрыстыя словаўзоры –
упрыгожыць вакенца
побач з маўклівым чатам.

А глыбока ўнутры
ілюзіі б’юцца
рыбай,
між аскепкаў і сноў
паветра хапаюць ротам.

Снег малюе
прагноз на заўтра
на чорных згібах
неасветленых вуліц.

Будзе.
Калісьці.
Потым.

*...

Так,
кожны ў сьвеце мае свае патрэбы.
Птушкам хочацца хлеба,
хлопчыку – сьнега з неба,
а паднябеньню – шакалада і чаю.
Нехта прагне хуткага выйсьця з адчаю,
а нехта – Прагі
ці выйсьці туды, дзе паветра.

Помніш,
хацелася, каб не загінуў Вертэр,
каб не забівалі Катані,
ну ці –
зусім маленькай –
каб ня плакала Таня?..

Вось зараз –
што патрэбна табе?

Гарады на Б,
з аднаго ў цябе ёсць каменьчык,
з другога каштаны,
трэці –
у памяці, марах і (хочацца верыць) планах.
Трэба адсутнасьць болю,
жыцьцёвыя алкаголі,
воля, марскія хвалі,
ногі, пад імі дарогі, можна педалі,
рукі, што гладзяць плечы.
Раніца, дзень і вечар,
калі ў табе столькі шчасьця,
што анідзе ня ўмесьціш…

І –
аніякіх вершаў болей,
ніякіх вершаў.

***

У табе вырастае нешта -
вастрэй за нож
і рэжа знутры.
То чырвоным, то сінім
пульсуе ў грудзях
Бінош,
не дае дыхаць
фон Трыер.
У тумане ня бачна дахаў і дрэў,
мяжы
паміж існым і пустатой.
Вецер кліча з сабой.
Ты ценем за ім бяжыш
па дарозе
ня той.
Парушаеш правілы.
Птушкі на ўсіх палях
паабапал тваіх шляхоў.
І жыццё – гэта кропка “тут”.
І яна пасля
застанецца штрыхом.
А цяпер лістапад.
Падаюць ліст і ціск,
ты – трымаешся і стаіш.
Там, дзе песня твая
запісваецца на дыск, –
немата і ціш.

...

Птушкамі біліся паміж рэбраў вершы…
Верыш?
Птушкам, злоўленым чулай душой, было душна.
Чуеш?
Хацелася волі і ветру жаўруку ці сініцы,
каб сніцца
потым таму, хто знойдзе, возьме іх у руку,
у кім адгукнецца.
Птушкамі біліся вершы
недзе ля сэрца.

Яны не паспелі выпрастаць крылы
і паляцець з агруддзя.
Ім сустрэліся людзі,
а потым –
кулі.
І больш – ніколі.
І замест неба – глеба.

Толькі пакуль ты ходзіш, чуеш і верыш –
яны жывыя,
прылятаюць з раю ці выраю
журавамі з паперы.
… Паўза, слова, уздых –
б’юцца між рэбраў.
Тваіх.

*γ*

“Усё будзе до…” – брахалі табе багі.
А сонца лізала рэчку і берагі
і аберагала промнямі рэха слоў.
Фалангамі пальцаў мераючы цяпло
і соль ліючы на мёртвыя гарады
вачэй, ты ідзеш. Зямля есць твае сляды
і хоча глынуць знясіленую цябе.
Але ты гандола, човен і карабель –
скрозь сінюю бездань. Б’ецца бяссонне ў скронь,
ледзь памятны дотык рэжа лязом далонь.
Ты сольнае танга, лінія, монаверш.
Стаміўшыся быць фантазіяй, ажывеш
у томе чужым радкамі і цішынёй.
Трохкутнікі дрэў сагрэе сівы анёл,
і раптам паверыш, што і напраўду – до…
І станеш спакоем, воблакам і вадой.

***

У гэтай гісторыі –
прымітыўнай і простай –
дзяўчынка робіцца
моцнай, злой і дарослай
(некаторыя траўмы дапамагаюць
у вострым
стане,
калі ты ня можаш знайсьці
свой востраў,
дом, чалавека, сьвет,
чараду ці зграю).

Дарога нібыта сама цябе выбірае
і абяцае прывесьці
да брамы раю.
Ты па ёй крочыш –
і падыходзіш
да края.

Прэч паляцець
трэба яшчэ вучыцца.
У логаве сэрца –
раненая ваўчыца.
Чым ад халоднага ветру
схаваць ключыцы?..
Піць малако тугі,
выдыхаць,
лячыцца.

А потым глядзецца
ў Вэндэрса і Кар Вая,
сінія блюзы слухаць і гук трамваяў,
бачыць,
як горад бяззорнае надзявае…
І адчуваць –
жывая.

*** адчуваньне дажджу

Адчуваньне дажджу...
Толькі зноў –
не дасыпалі сну.
І каторы ўжо раз –
да сьвятла паляваць на авечак.
Камень з мура
ці з мора
кладзецца ля сэрца ў сьцяну.
І пустэча пакоя
агорне
спакоем пустэчы.

А авечкі –
як хмары,
як хвалі,
бясконцы працяг…
Ты спыняеш падлік,
адключаючы мёртвую зону.
І прыходзіць ня сон –
адчуваньне сябе
і
жыцьця,
ад якога
так вольна і радасна
пахне азонам.

...

Разумееш, ня верыць – гэта вельмi херова.

Вось, напрыклад,
выходжу за дзьверы, сядаю на ровар
i еду.
Колькi iмгненьняў – бяз рук цi заплюшчыўшы вочы.
Дарога сама нясе мяне, куды хоча.
Я ёй аддаюся цалкам, быццам каханку,
потым шчасьлiва i стомлена пад'язджаю да ганку,
любячы гэты дурацкi ранак усёй сабою.
Нi смутку няма, нi болю.

А ты паўтараеш: «Як маесься?» i «Трымайся»…
Жыцьцё тады нiбыта палоскi на майцы:
то цёмнае ўсё, то сiнь.

Глядзi, я нiчога ня бачу i не намацваю руль.
I я табе гавару:
Ты – дарога.
Трымай.
Нясi.

---

Што тыя сьлёзы?
Вада.
I вуду
ў iх не закiнеш,
ня выцягнеш рыб.
Цьвердзiш сама сабе:
ёсьць i буду…
Рыбы ня вераць,
ныраюць углыб,
лыпаюць недзе ўнутры вачыма,
мераюць ровень тваёй тугi
i уцiскаюцца
туга, шчыльна
ў шчылiны мiж камянёў глухiх –
словаў,
ня злоўленых лёскай лёсу,
рухаў,
увязлых у клейкi глей…
Рыбiн рабы i стракаты россып
сыпле стаката бязгучных «але»,
што на паверхнi вады
кругамi,
у iх i канец i пачатак –
адно.

Выпусцiць вершаў сваiх
арыгамi
i апусьцiцца да рыб.
На дно.

***

Плечы агорне пледам
пачатак лета.
Сэрца валошка -
гораду для вянка.
Ціхай вадой
застыну сярод сусьвету.
Берагам,
абярэгам -
твая рука.

Ветру павевы
ловячы кожнай часткай,
быць як бясконцасьць
і глыбіня,
або -
возера
ва ўтравелым
трывалым шчасьці,
і адлюстроўваць неба
усёй сабой.

***

Кожнаму несьці з сабой сваё:
неба
ці, можа, крыж.

Звонкімі сьпевамі салаўёў
поўнячы сэрца ціш,
рэзаць іржавым лязом тугі
словаў і думак вір,
вольхай ўкарэньвацца ў берагі,
блытацца ў мы, ты, вы...

Вымыта, выпалена ўначы,
выхаджана па дне.
Нешта глыбока ўнутры маўчыць
(крыкам было раней).

Цёплай далоньню кранаць кару,
кáру сваю прымаць.

Жыць - гэта проста ісьці ўгару.
І неба, і крыж трымаць.

Эта юмар Японіі )))

Прыходзіць, кажа: "Мама, мама, я тут сочинил!.."

***
Антарктида будет великим государством, если ёлки жалят зипун и йогу. Кажется, летом море начнет опрокидывать парусники разнообразные, стоящие тут, у француза Харитона Циалковского. Чаща, шипящая щенятами, твердыми знаками ы мягкими знаками - это юмор Японии.
***

Абажаю. Ну вось проста абажаю ж :)

Цэтлікі:

***

І раз, і два, і тры...
І ўразіцца Манэ.
І пад вадой схаваць
трывогі і хістаньні.
Чаканае цяпло
п'яніць, як шарданэ.
У кроку ад мяжы,
у кроку ад сьвітаньня.

Чатыры, пяць і шэсьць...
І больш ня быць мане.
Бо мячык патануў
(такі вось мячык, Таня).
А ісьціна ў віне?
Адной тваёй?
Ды не.
І - кропкай замяніць
шматкроп'е і пытальнік.

Сем, восем, дзевяць...
Нуль.
І так усё міне.
Сплыве пад мостам прэч,
бяз права на вяртаньне.
І, ведаеш,
няма нічога найдзіўней,
чым нашага жыцьця
неўтаймаваны танец.

Неба, самалёт, жанчына

А калі б я вярталася са Швейцарыі ўчора, а не тыдзень таму, то, кажуць, прыляцела б у Гомель. Снег ды туман, панімаіцілі. Але я прыляцела трыццаць першага.

Шчыра кажучы, я не ведаю, як падабраць правільныя словы, каб падзяліцца тым небам і тымі ўражаннямі. А жаданне падзяліцца вельмі моцнае (бо гэта як квітнеючая сакура, на якую так хочаццца глядзець разам з дарагім чалавекам).

Я ўпершыню ў жыцці ляцела на самалёце. Перад гэтым крыху баялася і напружвалася, так. Хто іх ведае, тых самалётаў :)
А атрымала ў выніку - чатыры проста шыкоўныя палёты!..

Раз, два, тры, чатырыCollapse )
Карацей, таварышы, такая справа.

Ужо ў гэтую нядзелю ў Графіці ўрачыстае вяртанне пасля доўгага перапынку паб-квізу, пра які мала ведаюць і які (пры ўсім сваім перагукванні з іншымі) адрозніваецца ад іх вельмі і нават вельмі.

Па-першае, тым, што гэта мастацкая гульня. І справа ж не толькі ў пытаннях пра музыку, кіно, жывапіс, кнігі ды ўсё блізкае да іх. Справа яшчэ і ў тым, што там сама гульня як мастацкі твор. Калі туры пабудаваныя па нейкіх прыхаваных сцэнарах і ўсе прысвечаныя нейкай адной скразной тэме, калі пытанні базуюцца не на простым "ведаеш - не ведаеш", а на цікавых і незвычайных момантах, калі трэба адгадваць, дапаўняць, дадумваць і г.д.

Па-другое, тым, што месцамі варта было б курыць тое, што і аўтар :). Што ў аўтарскім апісанні гульні названа тэрмінам дзен-лёгіка, а ў маёй інтэрпрытацыі гучыць як мазгаздзек
"Да гульні немагчыма застацца абыякавым", - кажуць іншыя ўдзельнікі. І такі ага, пэўна ж так і ёсць. Але гэта не значыць, што ўсе ў захапленні: некаторым яўна хочацца кой-каго і пабіць постфактум..)

Ну і па-трэцяе, цытатка вам ад Ягора Квартальнага, каторы "Нагуаль":
"Гэта шалёны квіз, які заточаны пад невялікую праслойку культурных маргіналаў)"

Дык вось, культурныя маргіналы (а я спадзяюся, што ў ЖЖ такіх троху яшчэ засталося ;))
Нядзеля 23-га кастрычніка, "Графіці", 14.30.
"Аўdzienцыя".
Яшчэ засталося пару месцаў для новых камандаў. Запісвацца тут
А калі каго раптам няма ў ВК, а жаданне ў яго ёсць, - то можна і мне сказаць, я дапамагу, я добрая :)

Цэтлікі:

Растуць парасоны, канчаецца верасень. Паўсюль каштаны і апалае лісце. Холадна.

Але ўчора каля басейна, размаўляючы па тэлефоне, я раптам спынілася. Таму што сярод гэтай восені расцвіў маленькі жоўты дзьмухавец.


Я не ведаю, як гэта мусіць быць звязана з тым, што я скажу далей :)

Таму проста напішу, што калі каму раптам хочацца пабачыцца і пачуцца ўжывую, то я сёння ўвечары пачытаю пару-тройку вершаў. У Міхала Бараноўскага, на "Сустрэчах на "Вежы міру"". Пакуль не ведаю, што ў мяне будзе за настрой, на якія канкрэтна тэксты. Але на нейкія дакладна будзе. А на сустрэчу ці якую развіртуалізацыю - дык тым больш ;)

Літаратурны музей Максіма Багдановіча, 19.00. Уваход 1,5 р (кошт квітка ў музей). Вул. Багдановіча 7а.
Хто будзе яшчэ - глядзіце тут: https://vk.com/event129220343.

*а далейшыя радкі з "Абсэнту" пра летуценна, нерэальна і нібыта ў сне - таксама цалкам сабе пра сёння. Добрай усім раніцы, добрага дня, прыходзьце ўвечары, а я зараз пайду праводзіць практычны занятак па Кальдэроне :)

Карамелька

Калі вы ідзяце і абмяркоўваеце фінальнага зайца, а з ліфта выскоквае Шалкевіч і, падымаючы вочы на лоб у сваёй фірмовай манеры, запытвае: "Людзі! Адкуль вас тут столькі?!". І бяжыць у грымёрку.
У прынцыпе, гэта ўсё, што мне хочацца расказаць пра сённяшні паход у тэатр :)

Зваротны адрас

параСон
volka_z_bolkava
Хмарка-Дурніца

За апошні месяц

December 2017
S M T W T F S
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31      

Цэтлікі

Syndicate

RSS Atom
Powered by LiveJournal.com